Среда, 29 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Напярэдадні юбілею кітайскага славіста

  • Понедельник, 15 февраля 2021 18:03
  • Автор  Сугучча

Уланьхань, альбо Гаа Ман, — імя вядомае не толькі ў Кітаі. На яго жыццё прыйшліся розныя часіны. Цікавасць да рускай культуры, да славянскага свету ў яго развівалася яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг. Нарадзіўшыся ў кастрычніку 1926 года, першыя ўрокі мастацкай і лінгвістычнай адукацыі ён атрымаў у рускіх эмігрантаў, якія жылі ў Харбіне. 

Кітайскі публіцыст, перакладчык закончыў Інстытут саюза хрысціянскай моладзі. На працягу многіх гадоў працаваў у таварыстве кітайска-савецкай дружбы на розных пасадах і ў іншых падобных установах. Ажыццяўляў вусныя, пісьмовыя пераклады. Займаўся вывучэннем рускай і савецкай літаратур, мастацкімі перакладамі, рэдагаваннем, таксама ўдзельнічаў у арганізацыі мерапрыемстваў па папулярызацыі культурнага абмену і ўмацаванні дружбы паміж Кітаем і СССР. З’яўляўся кансультантам пры Таварыстве расійска-кітайскай дружбы. Быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Кітая, Асацыяцыю кітайскіх перакладчыкаў, Саюз кітайскіх дзеячаў выяўленчага мастацтва.

Да 1989 года Гаа Ман працаваў у Інстытуце замежнай літаратуры пры Кітайскай акадэміі грамадскіх навук, а таксама з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Сусветная літаратура». У сталым узросце — ганаровы член Камітэта навучальнай часткі Акадэміі грамадскіх навук. На працягу амаль 70 гадоў займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Выдаў кнігі па тэме культурнага абмену, прысвечаныя сяброўскім адносінам паміж Кітаем і замежнымі краінамі: «Даўно не бачыліся, Масква!», «Мясціны рэзідэнцый расійскіх паслоў», «Сярэбраны век», «Біяграфія Пастарнака», «Запіскі пра чалавечае жыццё», «Развагі пра культуру Расіі», «Карціны Гаа Мана» і многія інш.

Сярод перакладаў — лірычная паэзія А. Пушкіна, зборнік п’ес і лістоў М. Лермантава, лісты Л. Талстога мастакам, паэзія Г. Ахматавай (яе «Рэквіем»; дарэчы, за пераклад паэмы Гаа Ман адзначаны прэстыжнай міжнароднай перакладчыцкай прэміяй), С. Ясеніна, У. Маякоўскага, паэма Т. Шаўчэнкі «Кацярына», вершы Івана Франко, Максіма Танка, кніга Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі» і іншыя творы. Ён адным з першых у Кітаі звярнуў увагу на творчасць Святланы Алексіевіч. І калі нашай зямлячцы была прысуджана Нобелеўская прэмія, кітайцы ізноў перавыдалі «Цынкавых хлопчыкаў» у перакладзе Гаа Мана. Кітайскі перакладчык — яшчэ і аўтар каліграфічных партрэтаў беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Святланы Алексіевіч, Максіма Танка, Навума Гальпяровіча.

Ажыўленне ўвагі да Гаа Мана з беларускага боку пачалося з восені 2011 года. З перакладчыкам сустрэўся ў Пекіне беларускі паэт Навум Гальпяровіч. Пра гэтую сустрэчу ён расказаў у беларускім друку — у газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», а таксама ў эфіры Беларускага радыё. З Гаа Манам сустрэліся беларускія пісьменнікі, перакладчыкі і журналісты Аляксей Чарота, Вольга Гальпяровіч, Інеса Плескачэўская, Мікалай Літвінаў, Дар’я Нечыпарук… Беларускі мастак Каміль Камал намаляваў некалькі партрэтаў Гаа Мана. І сам Гаа Ман ажывіўся пасля гэтых сустрэч. Выступіў у адной з найбуйнейшых кітайскіх газет з вялікім артыкулам пра беларуска-кітайскія літаратурныя сувязі. А ў Мінску імя кітайскага перакладчыка і мастака згадвалі на розных імпрэзах і прэзентацыях: у Доме дружбы, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, кнігарні «Кніжны салон», якая некаторы час працавала ў сталіцы па вуліцы Калініна, 5 (і была, дарэчы, сапраўдным клубам творчай інтэлігенцыі). Пра Гаа Мана з’явіліся публікацыі ў «Маладосці», «Нёмане», «Полымі», «Літаратуры і мастацтве», «СБ. Беларусь сегодня», «Звяздзе», «Голасе Радзімы»… Кітайскага перакладчыка ўключылі ў склад рэдакцыйнага савета серыі паэтычных зборнікаў «Светлыя знакі: паэты Кітая», у якой беларускія выдавецтвы «Звязда» і «Мастацкая літаратура» выпусцілі па-беларуску кнігі вершаў Лі Бо, Ду Фу, Мэн Хаажаня, Ван Вэя, Лі Цінчжаа, Ай Ціна… Гаа Ман рабіў падказкі па фарміраванні серыі, цікавіўся працай над гэтымі кнігамі, радаваўся, калі да яго ў Пекін траплялі беларускія выданні кітайскай паэзіі.

Гаа Ман узнагароджаны ордэнам Дружбы (Расійская Федэрацыя), ордэнам «За асаблівыя заслугі перад Айчынай» ІІІ ступені (Украіна), расійскімі літаратурнымі медалямі М. Горкага, А. Астроўскага, А. Пушкіна і іншымі адзнакамі. А яшчэ літаратар і мастак — ганаровы член Саюза пісьменнікаў Расіі, ганаровы доктар Інстытута па вывучэнні Далёкага Усходу Расійскай акадэміі навук, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў. Наша пасольства ў Кітаі незадоўга да яго смерці аформіла дакументы (і яны прайшлі ўзгадненне ў Міністэрстве замежных спраў, беларускім урадзе) адносна ўзнагароджвання Гаа Мана медалём Францыска Скарыны. Але здарылася непапраўнае: шчыры сябар Беларусі на пачатку кастрычніка 2017 года (дакладней — 6 кастрычніка, на 92-годзе жыцця) пакінуў наш свет…

У кастрычніку 2021 года — 95 гадоў з дня нараджэння Гаа Мана. Гэта аднолькава важная падзея і для Расіі, і для Украіны, і для Беларусі. І хаця наперадзе яшчэ ёсць час, варта было б ужо сёння задумацца, як адзначыць гэтую дату, як яшчэ раз і больш шырока звярнуць увагу на постаць Гаа Мана — шчырага прапагандыста беларускай культуры і літаратуры ў Кітаі.

Алесь Карлюкевіч

Крыніца: Звязда

Прочитано 250 раз