Суббота, 18 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Знаёмцеся: Уйгурскі пісьменнік Авут Масімаў  

  • Вторник, 01 сентября 2020 12:06
  • Автор 

У Казахстане жывуць розныя народы – не толькі казахі, рускія, але і беларусы, украінцы, карэйцы, курды, немцы... І – даволі шмат уйгураў. А ўсяго уйгураў у свеце болей як 10 мільёнаў. Вельмі шмат іх жыве ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Так што, лагічна, што ў свеце даволі шырока развіваецца мастацкая літаратура на уйгуркай мове. У тым ліку – і для дзяцей. Адзін з самых прыкметных уйгурскіх дзіцячых пісьменнікаў – Авут МАСІМАЎ, якія жыве і працуе ў Алматы, у Казахстане. Адно з яго апавяданняў у перакладзе на беларускую мову я і прапаную беларускім чытачам.

 

Алесь Карлюкевіч

 

 

Авут МАСІМАЎ

 

ПАДАРУНАК

Апавяданне

         

У нас з Гайратам дамы знаходзяцца на адной вуліцы. У школу ходзім разам. Раніцай ці ён мяне разбудзіць, ці я яго. Прыхапкам апрануўшыся, разам і бяжым у школу. Як заўсёды, так і сёння мы ідзём разам. Нетаропка размаўляем і хрумстаем цукеркамі, якія нам далі бацькі, каб перакусілі на вялікім перапынку.

‒ Урокі падрыхтаваў? – спытаў Гайрат, які нешта запыхаўся.

‒ А ты? – зірнуў я на яго запытальна.

‒ Быццам падрыхтаваў, але нічога не зразумеў, ‒ адказаў ён.

‒ Чаго ты не зразумеў, пытанні ж лёгкія? – запытаўся я ізноў.

‒ Лёгкія і не зусім лёгкія, трэба было падкрэсліць дзейнікі і выказнікі, а я гэтага не зрабіў, ‒ і Гайрат незадаволена махнуў рукою.

‒ Зараз пакуль дойдзем да школы, можна разабраць два-тры сказы. Адразу ўсё ўспомніш, сказаў я сябруку.

‒ Ды заканчвай ты. Хопіць з мяне таго, што галаву забіваюць усялякімі правіламі дома, ды і ў школе таксама, ‒ адмахнуўся Гайрат.

‒ Ты што, як дурань, сябе паводзіш?! Слухай. Напрыклад, «я вучуся ў школе». Якое тут слова з'яўляецца дзейнікам?

‒ Эй, Азат, не дуры мне галаву, у класе ўсё патлумачыш, ‒ ізноў злосна адмахнуўся ад мяне Гайрат.

‒ Эй, пачакай. Слухай мяне ўважліва. У гэтым сказе «я» ‒ гэта дзейнік. Хто? Я! Што раблю? «Вучуся». Гэта выказнік. Дзейнік і выказнік узаемазвязаны? Узаемазвязаны.

Гайрат зморшчыўся, слухаючы мяне з незадаволеным выглядам. Але па твары яго было відаць, што ён лёгка засвоіў мае тлумачэнні.

‒ Вось што, сябра, прыдумай яшчэ адзін сказ? – папрасіў ён.

‒ Добра. Напрыклад, «Я працую ў калгасе». Назаві ў гэтым сказе дзейнік.

‒ Я, ‒ сказаў Гайрат, грукнуўшы сябе ў грудзі.

‒ Слухай, кажучы «я», не паказвай на сябе. Гэта не ты. Дзейнік «я», кажы, ‒ праз смех паправіў я Гайрата.

‒ Дык калі атрымліваецца «я», што я павінен гаварыць? – сказаў Гайрат і быццам, як мне падалося, пакрыўдзіўся.

‒ Ну, а выказнік? – працягваў я, перастаўшы смяяцца.

‒ Выказнік «працую», ‒ адказаў Гайрат і задаволены сваім адказам, заўсміхаўся мне.

‒ Ну вось! Я ж казаў, што лёгка, а ты не верыў. Астатняе вечарам пасля школы паўторым.

Перад самай школай Гайрат мяне спыніў.

‒ Слухай, я сёння адну цацку зрабіў. Нікому не кажы, зразумеў. Будзем страляць, ‒ і Гайрат падміргнуў мне, задаволены сваёй прыдумкай.

‒ Гэта што? Настаўніца будзе злавацца, ‒ сказаў я, абураючыся.

‒ Не бойся, дарагі. Вось і табе зрабіў. І кулькі гатовыя, ‒ сказаў Гайрат і выцягнуў з кішэні «цацку» і працягнуў мне. Не паспеўшы аб нечым падумаць, я засунуў яе ў кішэню і забег у школу.

Да заканчэння першага ўрока заставалася не так шмат часу. Клас запоўніла нязвыклая цішыня. Настаўніца Дзілярам злёгку схіліла галаву і выстаўляла адзнакі вучням. Раптам нешта, стукнуўшыся ў шкло яе акуляраў, упала на стол з кароткім рэзкім гукам. І настаўніца ўбачыла перад сабою выгнуты кавалачак алюмініевага дроту. А вучні, якія дагэтуль ціхенька назіралі, як настаўніца запаўняе класны журнал, дружна ахнуўшы, застылі.

‒ Хто гэта зрабіў? – пасля кароткай паўзы строга запыталася настаўніца.

У класе па-ранейшаму вісела цішыня. Падняўшы руку з заціснутым у ёй кавалачкам дроту, настаўніца ізноў звярнулася да класа:

‒ Я пытаюся ў вас... Каму такое прыйшло ў галаву?

Дзяўчынкі пазіралі на хлопцаў, а хлопцы на дзяўчат, пры гэтым сярдзіта шапталі, пачалі спрачацца, запаўняючы клас шумам і гамам.

‒ Няма слоў, зразумела, што гэта зрабілі хлопцы, ‒ неяк ціха і вельмі выразна сказала настаўніца і прадоўжыла. – Хто ж гэты герой, які стварыў гэту зброю і пусціў яе ў ход? Ну, хто? Ці ён баязлівец?

Настаўніца Дзілярам яшчэ крыху пачакала. Ніхто не даў адказу. І раптам мне на памяць прыйшла ранішняя размова, паміж мною і Гайратам – сэрца маё ёкнула. Я задумаўся. Калі скажу, відаць, хлопцы назавуць мяне «здраднікам»..? Што ж рабіць у такім разе?..

Зазвінеў званок на перапынак.

‒ Ну, у такім разе, дзяўчынкі, ідзіце на перапынак. А хлопчыкі па чарзе падыходзьце да мяне і выварочвайце кішэні, выкладвайце ўсё, што ёсць, на стол, ‒ загадала настаўніца, гледзячы на нас выпрабавальна.

Хлопчыкі, выварочваючы кішэні, пачалі па адным, адзін за другім, выходзіць з класа. Дайшла чарга і да мяне. Я выняў з кішэні ўсё, што там было, і паклаў на стол перад настаўніцай. Сярод іншага, там аказаліся дзве тоненькія гумкі з пятлічкамі на канцах і кавалачкі выгнутага алюмініевага дроту. Убачыўшы гэта, настаўніца Дзілярам паглядзела на мяне здзіўлена і засмучана.

‒ Азатжан, як гэта разумець? Такога я ад цябе ніяк не чакала, ‒ сказала настаўніца. І пачала папраўляць скамечаны рукаў маёй кашулі. Панурыўшы галаву, я баяўся зірнуць у яе блакітныя ласкавыя вочы. Таму што, калі б нашы позіркі сустрэліся, то я не вытрымаў бы і сказаў, хто зрабіў гэту «цацку». І гэта, пэўна, было б здрадніцкім учынкам у адносінах да хлопцаў, і тады мяне б палічылі дзяўчынкай. Я стаяў і маўчаў, адводзіўшы позірк убок, уставіўшыся ў плакат на бакавой сцяне.  

‒ Ну добра, Азатжан, не хочаш гаварыць, твая справа, але сённяшнім учынкам ты пакінуў у маёй душы крыўдны след, ‒ сказала настаўніца і пагладзіла мяне па галаве.

Расчулены добрымі словамі настаўніцы, звернутымі да мяне ласкава і з сумам, я вырашыў усё расказаць. Няхай мае таварышы называюць мяне здраднікам, але настаўніцу я ў крыўду не дам. І ў гэты момант да стала падыйшоў Гайрат і адпіхнуў мяне ўбок. Гледзячы ў падлогу, ён звярнуўся да настаўніцы:

‒ Не злуйцеся, прабачце Азатжана. Ён тут ні пры чым. Усё зрабіў я, ‒ упэўнена сказаў Гайрат і паклаў на класны журнал тонкую гумку і выгнутыя алюмініевыя дроцікі.

Настаўніца ўзрадавалася ці ісціне, ці таму, што сярод сяброў праявілася сумленнасць, якая і павінна быць падтрымкай для іх у любой сітуацыі, І пагладзіла нас абодвух мяккімі далонямі па галовах. І яшчэ сказала:

‒ Запомніце гэта, дарагія мае дзеці, сёння мае вочы абараніла шкло акуляраў, а калі б іх не было, я магла пашкодзіць вочы і нават страціць зрок. А вы ўсё жыццё адчувалі б сваю віну.

‒ Прабачце, калі ласка, ‒ пачаў выцягваць з сябе словы Гайрат. – Я не ў вас цэліўся, а хацеў патрапіць у бант Сахідам, якая сядзіць за першай партай. – На вачах майго сябра з'явіліся слёзы.

‒ Вы зрабілі гэта, не падумаўшы пра наступствы. А надалей, што б не здарылася, не рабіце нічога падобнага. Выкіньце ўсё гэта падалей, каб ніхто не бачыў, ‒ настаўніца працягнула нам гумкі, ды выгнутыя кавалачкі дроту.

‒ Вы нас прабачылі? – вінавата запытаўся Гайрат, гледзячы ўжо на настаўніцу.

‒ Прабачыла, дзеці, прабачыла. Бяжыце на перапынак, ‒ адпусціла яна нас і села за стол.

Мы вельмі ўзрадаваліся ад таго, што настаўніца нас прабачыла. Усё яшчэ перажываючы за свой учынак, мы выйшлі з класа.

На школьнай пляцоўцы, угледзеўшы нас, аднакласнікі, асабліва дзяўчынкі, сярдзіта абмяркоўваючы здарэнне, адхінуліся ад нас.

Выкінуўшы «цацкі», і глыбока ўцягваючы чыстае паветра, Гайрат падыйшоў да мяне:

‒ Прабач мяне, я і цябе прымусіў чырванець, ‒ сказаў ён, працягваючы руку.

Асуджаючы сябе за тое, што ў час не спыніў яго, я даў сабе слова, што далей ніколі такога не будзе. І моцна паціснуў руку сябра.

 

З уйгурскай. Пераклад Алеся Карлюкевіча

 

Прочитано 365 раз