Понедельник, 02 08 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Выйшла персанальная энцыклапедыя «Уладзімір Караткевіч»

  • Пятница, 22 января 2021 12:19
  • Автор  Сугучча

«Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выдала персанальную энцыклапедыю «Уладзімір Караткевіч». Аддрукавана кніга ў 65, 45 улікова-выдавецкіх аркушаў тыражом 1000 экзэмпляраў на ААТ «Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа». 

Каля 1000 артыкулаў змешчана пад адной вокладкай. Ва ўступным артыкуле энцыклапедысты адзначаюць: «Энцыклапедыя — гэта першы крок, трывалая прыступка да стварэння паўнавартаснай шматтомнай персанальнай энцыклапедыі «Уладзімір Караткевіч». Некаторыя артыкулы могуць стаць тэмай для абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, натхніць студэнтаў на напісанне курсавых работ. Настаўнікі знойдуць шмат карыснай інфармацыі для падрыхтоўкі ўрокаў, а вучні — дадатковы матэрыял для атрымання высокай адзнакі. На ніве караткевічазнаўства ёсць яшчэ да канца не распрацаваныя тэмы — гэта багатая глеба для маладых спецыялістаў». Такім чынам, выдаўцы сціпла
заўважылі, што адзіны том, у якім сабрана ўсё ж неймаверна шмат інфармацыі пра жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры, — проста пачатак.

І ўсё ж зроблена вялікая, вартая станоўчых ацэнак справа. Нагадаем, што персанальных энцыклапедый не так і шмат увогуле. І зусім няшмат іх у гісторыі беларускага кнігадрукавання. Няма і паўстагоддзя, як такія выданні, дзякуючы «Беларускай Энцыклапедыі...», пачалі з'яўляцца на свет. У 1986 годзе выйшла аднатомная персанальная энцыклапедыя «Янка Купала». Параўнальна нядаўна — паўторнае выданне ў трох тамах. Ёсць персанальныя энцыклапедыі, прысвечаныя Францыску Скарыну і Максіму Багдановічу. І вось героем яшчэ адной персанальнай энцыклапедыі становіцца аўтар рамана «Каласы пад сярпом тваім», іншых неўміручых твораў і ўсё, што звязана з яго імем.

У чытача новага выдання (удзел у стварэнні апошняга ўзялі многія і многія дасведчаныя аўтары) з'явіцца віртуальная магчымасць адправіцца па розных адрасах, дзе жыў і дзе пісаў свае творы вялікі пісьменнік. Арэнбург («У Арэнбургу скончыў шосты клас», — з аўтабіяграфіі У. Караткевіча), Віцебск, Гродзеншчына, Далёкі Усход (плёнам уражанняў Караткевіча ад убачанага стала аповесць «Чазенія»), Друскінінкай, Дубулты, Кіеў (у час вучобы ў Кіеўскім універсітэце Уладзімір зацікавіўся гісторыяй паўстання 1863—1864 гг.; актыўна займаўся навуковай работай, удзельнічаў у археалагічных раскопках, супрацоўнічаў з многімі музеямі, пісаў вершы), Крым, Кунгур (некаторы час знаходзіўся ў яго наваколлі ў дзіцячым доме ў Вялікую Айчынную вайну), Лесавічы (вёска ў Кіеўскай вобласці, дзе пасля заканчэння Кіеўскага ўніверсітэта пісьменнік працаваў настаўнікам), Масква, з якой Уладзіміра Сямёнавіча звязвала надзвычай шмат, Мір... Магчыма, што і не ўсе караткевічаўскія адрасы ўвайшлі ў энцыклапедыю, пра некаторыя гарады, паселішчы, мясціны напісана вельмі сцісла. І ўсё ж у гэтых згадках — сапраўдная караткевічаўская геаграфія, якая тлумачыць і характар многіх твораў.

Надзвычай захапляльнымі падаюцца артыкулы пра сяброў, блізкіх Караткевічу людзей: Адама Мальдзіса, Вячаслава Рагойшу, Таццяну Кабржыцкую, Рыгора Барадуліна, Сяргея Панізніка... Часам пра некаторых з сяброў, добрых знаёмых напісана коратка, зусім лаканічна. Але ж нельга не ўлічваць, што перад намі — энцыклапедычнае выданне, якое і патрабуе гэтай лаканічнасці. Асобна расказваецца пра творы класіка. Многія тэмы — пра гістарычныя падзеі, пэўныя мастацкія з'явы, віды мастацтва, жанры літаратуры ў дачыненні да творчасці У. Караткевіча: «Грунвальдская бітва», «Дакументальнае кіно», «Дэтэктыў», «Балада», «Неарамантызм», «Сатыра»... Шмат артыкулаў — пра мастакоў, акцёраў, рэжысёраў, з якімі сябраваў пісьменнік, што нараджалі творы пад уплывам яго раманаў, аповесцяў, вершаў, здымаліся ў фільмах па творах У. Караткевіча, ігралі ў спектаклях па яго п'есах.

«Уладзімір Караткевіч» — пачатак энцыклапедычнага асэнсавання жыцця і творчасці слаўнага сына нашай Бацькаўшчыны. Важна захаваць энергію, пашырыць інціыятывы, якія спрыялі нараджэнню гэтага па-свойму ўнікальнага творчага, навукова-выдавецкага праекта. І ў такім разе ў энцыклапедыі «Уладзімір Караткевіч» абавязкова будзе працяг.

А што да новых ідэй, якія хацелася б бачыць рэалізаванымі ў рэчышчы стварэння персанальных энцыклапедый, то даўно наспела патрэба ў выданнях пра народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, пра Максіма Гарэцкага, Францішка Багушэвіча, іншых дзеячаў беларускай культуры, асветніцтва, беларускага прыгожага пісьменства.

Кастусь Лешніца

Крыніца: Звязда

Прочитано 201 раз Последнее изменение Пятница, 22 января 2021 12:20