Суббота, 18 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сугучча: Бібліяграфічны эцюд. Якуб Колас і Марый Эл

Набліжаецца 140-годдзе з дня нараджэння народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. 2022 год, магчыма, стане годам асаблівай увагі да беларускай літаратуры, да постаці класіка нацыянальнай літаратуры.

Звычайна, калі меркаваць па ранейшых дзесяцігоддзях, такія даты павінны справакаваць актыўнасць творчых асоб – мо і зараз з’явяцца новыя кнігі, якія будуць прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка. Час ад часу ўзнікаюць размовы пра выданне персанальнай энцыклапедыі «Якуб Колас». У дадатак да існуючых у краіне энцыклапедый «Янка Купала», «Францыск Скарына», «Уладзімір Караткевіч», «Максім Багдановіч» гэта стала б добрай падзеяй айчыннага кнігазнаўства і літаратуразнаўства.

Якуб Колас – знакавае, характэрнае імя і ў ацэнках беларускай літаратуры ў іншых краінах, сярод іншых народаў. Таму асаблівую важкасць у перадюбілейны час і ў сам юбілей мае прадстаўленне яго творчасці, яго месца ў гісторыі беларускай літаратуры, культуры ў іншых нацыянальных прасторах. Канешне ж, разладжанасць традыцыйнай савецкай сістэмы прапаганды нацыянальных культур і інтэрнацыяналізму з аднаго боку і працэсы глабалізацыі з другога, камерцыялізацыя культуры робяць сваю справу. І ўжо ў Таджыкістане ці Грузіі альбо Украіне ці Літве і тым болей у Венгрыі і Румыніі Якуб Колас і яго творчасць, яго лёс мала цікавыя і рэдка каму зразумелыя нават з патэнцыйнага кола даследчыкаў і перакладчыкаў мастацкай літаратуры.

Ці варта нейкім чынам памяняць сітуацыю?.. Пытанне для тых, хто зацікаўлены, каб свет ведаў Беларусь і Якуба Коласа, так, і Беларусь – праз Коласа, хутчэй рытарычнае. І не дужа спыняючыся на ім, пакідаючы тэму для іншага характару гаворкі, звернемся, напрыклад, да аднаго з адрасоў прадстаўлення класіка беларускай літаратуры ў свеце. Дакладней – у адным з рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі: у Марый Эл.

Калі зазірнём у біябібліяграфічны паказальнік «Беларускія пісьменнікі», то знойдзем пазнакі пра чатыры пераклады твораў Якуба Коласа на марыйскую мову. Публікацыі 1947 года, 1953, 1962 і 1972 гг. З беларускай бібліяграфіі можна зразумець, што ўсяго творы Я. Коласа друкаваліся ў перакладах на марыйскую мову чатыры разы. І першы раз – у «Марыйскім альманаху» (1947 год). З Нацыяльнай бібліятэкі Марый Эл імя С. Чавайна ўдакладнілі і нумар альманаха – другі за 1947 год і імя перакладчыка – Майн Макс. І яшчэ пераклалі назву верша – «Удышо», што ў перакладзе з марыйскага гучыць наступным чынам: «Сталін-сейбіт». Перакладчык, паэт, празаік, журналіст Майн Макс (1914 – 1988), які нарадзіўся ў Казанскай губерні, – народны паэт Марыйскай АССР. Аўтар многіх кніг. Між іншым, Майн Макс ваяваў у час Вялікай Айчыннай вайны і ў Беларусі. Шмат друкаваўся ў франтавым друку. У ваенныя гады выйшлі ў свет тры кнігі М. Макса. Адна з іх – пад назвай «За Радзіму! За Сталіна!» (1943). Таму цалкам натуральным крокам падаецца выбар з твораў Якуба Коласа і для ўкладальнікаў альманаха, і для самога перакладчыка верша Якуба Коласа «Сталін-сейбіт».

Наступная публікацыя адносіцца да 1953 года: газета «Марий коммуна» – 15 снежня 1953 года. Верш «У мундур» (так у «Беларускіх пісьменніках»). Марыйскія бібліёграфы перакладаюць: «У мундыр верыш», што азначае: «На новую зямлю». Перакладчык (у беларускім паказальніку пра яго не гаворыцца) – Аляксандр Ток (Аляксандр Іванавіч Крылаў; 1907 – 1970), які нарадзіўся ў Рэспубліцы Марый Эл. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Першая яго кніга нарысаў пабачыла свет у 1927 годзе – «Дзесяць гадоў». Аўтар успамінаў «Незабыўныя гады маладосці» (1970), дзе расказаў пра свае сустрэчы з У. У. Маякоўскім, М. Горкім, А. В. Луначарскім, А. Гайдарам, Дз. Фурманавым і іншымі вядомымі дзеячамі літаратуры і культуры. Аляксандр Ток – перакладчык паэм У. У. Маякоўскага, твораў іншых рускіх пісьменнікаў. Шкада, што ўвага на творчасці Якуба Коласа ў Аляксандра Тока спынілася толькі на адным вершы…

1962 год. Юбілейны для народнага песняра Беларусі год. У Марый Эл выходзіць своеасаблівая паэтычная анталогія – «Сто паэтаў». У перакладзе Йывана Осміна змешчаны два вершы Якуба Коласа – «Месяц» і «Народам СССР». Некалькі слоў пра перакладчыка. Йыван Осмін (Іван Іванавіч Логінаў; нарадзіўся ў 1915 годзе ў Казанскай губерні, памёр у 1997 г.). Паэт, празаік, перакладчык, журналіст. Народны паэт Марый Эл (1997), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Марый Эл (1993). У 1950 – 1955 прайшоў праз савецкі астрог па абвінавачванню ў антысавецкай дзейнасці. Першая кніга пабачыла свет у 1940 годзе – «Часіна юнацтва». У 1941 – 1948 гг. выйшлі яго кнігі «Люблю», «Ад усяе душы», «Родная зямля»  і іншыя. На марыйскую мову пераклаў творы І. Крылова, А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, І. Буніна, М. Някрасава, І. Буніна, Т. Шаўчэнкі…

Верш «Народам СССР» у перакладзе А. Вішнеўскага быў яшчэ надрукаваны ў газеце «Марий коммуна» 9 снежня 1962 года. Гэтая публікацыя ў біябліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі» не адзначана. Магчыма, ёсць некаторая блытаніна наступнага чыну. І ў зборніку «Сто паэтаў», і ў рэспубліканскай газеце пераклад верша належыць усё ж А. Вішнеўскаму. Справа ў тым, што Й. Осмін – адзін з укладальнікаў кнігі. І, магчыма, ён пераклаў толькі «Месяц»… Але для ўдакладнення трэба мець пад рукамі саму марыйскую перакладную анталогію.

Відавочна, што развіццю, пашырэнню іншанацыянальнай прасторы ў развіцці зацікаўленняў павінны спрыяць двухбаковыя стасункі. Пераклаўшы па аднаму-два вершы і Йыван Осмін, і Майн Макс, і Аляксандр Ток болей да беларускай паэзіі і ў прыватнасці да творчасці Якуба Коласа не звярталіся. Магчыма, калі б іх першым крокам было нададзена некаторае гучанне ў Беларусі, то нешта склалася б зусім іначай.

1972 год… Газета «Марий коммуна», 9 ліпеня. У перакладзе Васлія Чалая (1917 – 1979) выходзіць верш Якуба Коласа «Элем ден калыклан» (марыйскія бібліёграфы ўдакладняюць: «Роднаму краю і народу»). Васлій Чалай (1917 – 1979) – марыйскі паэт, аўтар тэкстаў песень, празаік, перакладчык. Першую кнігу вершаў выдаў у 1939 годзе – «Мая любімая краіна». Пераклаў на марыйскую мову творы А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, М. Ісакоўскага…

Пачынаючы з 1947 года, на марыйскую мову перакладзены творы наступных беларускіх пісьменнікаў: Я. Коласа, К. Крапівы, Я. Купалы, Г. Аўласенкі, М. Алтухова, А. Бадака, Р. Барадуліна, П. Броўкі, Н. Гальпяровіча, А. Карлюкевіча, А. Каско, І. Калесніка (дарэчы, ці найболей якраз публікацый яго твораў – шэсць: у 1965 – 1972 гг.), А. Куляшова, М. Купрэева, Е. Лось (чатыры публікацыі ў 1971 – 1979 гг.), А. Маслы, Н. Мацяш, В. Мысліўца, М. Пракаповіча, М. Рудкоўскага, В. Сахарчука, М. Танка, К. Турко, Э. Ярашэвіча.

…Зараз у Мінску рыхтуецца да выдання кніга «Якуб Колас на мовах народаў свету». І для гэтага выдання два ранніх вершы беларускага паэта – «Родныя вобразы» і «Не бядуй!» пераклаў на марыйскую мову Генадзь Аяр. Застаецца спадзявацца, што не толькі гэтыя творы Якуба Коласа, але іншыя яго вершы будуць яшчэ змешчаны ў марыйскіх перыядычных выданнях, а мо нават і выйдуць асобнай кнігай у Йошкар-Але.

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 4172 раз